/ / Общественно-политические
19.06.2018

Улада на сувязі: Прамыя лініі правялі старшыні Брэсцкага і Гомельскага аблвыканкамаў

У мінулую суботу, 16 чэрвеня, у жыхароў адразу двух абласцей нашай краіны з'явілася магчымасць задаць свае пытанні кіраўнікам мясцовай вертыкалі ўлады: на прамой сувязі з насельніцтвам знаходзіліся старшыні Брэсцкага і Гомельскага аблвыканкамаў.

Прямые линии

Крэдыт для шматдзетнай сям'і  дадатковы занятак для пенсіянераў

Падчас прамой лініі старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатоля Ліса паступіла 30 зваротаў.

Пытанні крэдытавання будаўніцтва жылля не страчваюць актуальнасці. На гэты раз паспрыяць прасіла мама нованароджанай тройні з вёскі Завішша Іванаўскага раёна. Губернатар даручыў адпаведным службам падрабязна разабрацца ў сітуацыі і дапамагчы шматдзетнай сям'і.

А пенсіянер з Баранавічаў пазваніў з прапановай стварыць цэх па перапрацоўцы ягад і, магчыма, агародніны. Аўтар звароту лічыць, што такое прадпрыемства азначала б стварэнне новых рабочых месцаў, а таксама дало б магчымасць пенсіянерам дадаткова зарабіць. Многія панеслі б вырашчаную на прысядзібных участках прадукцыю. Анатоль Ліс адзначыў, што прапанова мае рацыянальнае зерне, але для яе рэалізацыі патрэбны інвестар, гатовы ўкласці сродкі.

Былі і званкі-падзякі. Напрыклад, жыхары горада Высокае выказалі ўдзячнасць за работу па добраўпарадкаванні горада, між іншым пацікавіліся, ці ёсць план будаўніцтва аб'язной дарогі вакол населенага пункта. Анатоль Васілевіч пагадзіўся, што ў перспектыве такую магчымасць трэба разглядаць.

Некалькі званкоў было ад членаў садовага таварыства «Дынама», якое размешчана на мяжы Брэсцкага і Жабінкаўскага раёнаў. Дачнікі прасілі паспрыяць газіфікацыі іх пабудоў. Як паведамілі ў аддзеле па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аблвыканкама, большасць пытанняў, якія паступілі на прамую лінію, датычыліся сферы камунальнай гаспадаркі – рамонту і абслугоўвання дамоў, добраўпарадкавання населеных пунктаў, будаўніцтва і рамонту дарог.

Суправаджаць вырашэнне праблемы

Сярод 22 пытанняў падчас апошняй прамой лініі ў Гомельскім аблвыканкаме не было такіх, якія можна аднесці да ліку невырашальных. Яго кіраўнік Уладзімір Дворнік падкрэсліў, што ўсе праблемы можна было б рашыць і без умяшальніцтва абласной вертыкалі ўлады.

Асноўныя тэмы, якія закраналі жыхары рэгіёна – зямельныя і маёмасныя спрэчкі, аспекты ўступлення ў спадчыну, арганізацыя гандлю, камунальна-бытавыя праблемы, стан дарог і іншыя. Трэба адзначыць, што на прамую лінію паступіла і падзяка:
гамяльчанка Наталля Сакун адзначыла добрасумленнасць супрацаўнікоў і кіраўніка РЭУ № 14 Гомеля, якія нядаўна завяршылі капітальны рамонт у доме па вуліцы Валгаградскай.

Гамяльчанін Алег Панамароў па даручэнні жыхароў дома № 11 па вуліцы 60 гадоў СССР звярнуўся з пытаннем пра размеркаванне цеплавой энергіі ў гэтым доме. На першым паверсе шматпавярховіка арандуюць памяшканні пад аптэку, кавярню і краму. Тры гады грамадзяне не могуць дабіцца паасобнага ўліку спажывання цяпла для жыхароў і арандатараў. Як было адзначана падчас прамой лініі, да пачатку ацяпляльнага сезона праблема павінна вырашыцца.

Пенсіянер Вячаслаў Горбатаў скардзіўся на стан дарогі ад вёскі Хутаранка Гомельскага раёна да чыгуначнай станцыі Церуха. Ён адзначыў, што раней дарогу перыядычна грэйдзіравалі, але апошнім часам пра яе забыліся. Уладзімір Дворнік даручыў выканаць гэтыя работы да канца дня. Будзе зроблены ў хуткім часе ямкавы рамонт і каля дома № 16 па вуліцы Свірыдава ў Гомелі. – Дарэчы, на папярэднюю прамую лінію старшыні аблвыканкама таксама паступалі званкі са скаргамі на дарожнае пакрыццё. Рэакцыяй на звароты грамадзян стаў рамонт вуліц Паўлава, Новапалесскай, Гагарына, Крапоткіна ў Гомелі, вуліцы Перамогі ў Ветцы і іншых. Падводзячы вынік прамой лініі, губернатар падкрэсліў:

– Важна не толькі даваць пісьмовыя тлумачэнні людзям, але і максімальна аказваць садзейнічанне і суправаджэнне ў рашэнні таго ці іншага пытання. Напрыклад, калі чалавеку трэба ўступіць у спадчыну, а грамадзянін не зусім кампетэнтны ў гэтых пытаннях, то дапамагчы напісаць заяву, узгадніць прыём натарыуса. Асабліва гэта датычыцца пажылых людзей і людзей з інваліднасцю.

Святлана Яскевіч, «Звязда», 19 червеня 2018 г.