/ / Общественно-политические
21.06.2017

Чаму немагчыма стварыць тарыфную сетку на аплату юрыдычнай дапамогі і якія нюансы з'яўляюцца складнікамі ганарару?

Адказаць на гэтае пытанне дакладна нельга, бо адвакат аказвае не паслугі, а юрыдычную дапамогу.  Важна, да спецыяліста якой кваліфікацыі звяртаецца грамадзянін і якой складанасці пытанне ён вырашае. Часам, каб знайсці адказ, які змесціцца ў адзін сказ, адвакату прыходзіцца некалькі дзён вывучаць нарматыўныя дакументы.

На кошт паслуг уплывае стаж працы прафесіянала, складанасць звароту, запатрабаванасць канкрэтнага адваката, а таксама геаграфія яго знаходжання: у сталіцы ці маленькім гарадку. Усе гэтыя нюансы з'яўляюцца складнікамі ганарару і вызначаны правіламі прафесійнай дзейнасці адвакатаў.

– Дакладных цэн нідзе няма. У Германіі вызначаны, напрыклад, мінімальныя памеры за пэўныя юрыдычныя дзеянні. А максімум вынікае з дамоўленасці адваката з кліентам. У нас жа пытанне кошту адвакацкіх паслуг вырашаецца дэмакратычна і ў інтарэсах перш за ўсё грамадзяніна, – расказаў Віктар ЧАЙЧЫЦ, старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў.

Ён адзначыў, што цікавасць да паслуг адвакатаў у беларусаў не вельмі вялікая і, з аднаго боку, гэта добра. З другога – хацелася б, каб пра інстытут адвакатуры больш ведалі і звярталіся па юрыдычную дапамогу на самых ранніх стадыях. Спецыялісты скіраваны на тое, каб аказваць юрыдычную дапамогу задоўга да з'яўлення праблемы. Разам з тым заканадаўствам прадугледжаны шэраг спраў, па якіх грамадзяне могуць атрымаць бясплатную юрыдычную дапамогу. Напрыклад, дапамога па працоўных пытаннях, што разглядаюцца ў судзе, аказваецца выключна сіламі саміх адвакатаў і за іх кошт і не кампенсуецца дзяржавай. Асобы з інваліднасцю вызвалены ад аплаты ўвогуле любой юрыдычнай кансультацыі. Пры гэтым штогод павялічваецца пералік выпадкаў атрымання бясплатнай дапамогі.

– Закон таксама дазваляе (і органы адвакацкага самакіравання актыўна гэтай магчымасцю карыстаюцца) вызваліць любога чалавека ад аплаты юрыдычнай дапамогі, калі грамадзянін знаходзіцца ў цяжкім жыццёвым становішчы. Мне здаецца, такога пераліку спраў, па якіх грамадзяне вызваляюцца ад аплаты адваката, які існуе ў нас, няма ні ў адной суседняй краіне, – мяркуе Вольга Савіч, адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.

Адвакаты адзначылі, што, як паказвае практыка, часцей за ўсё беларусы звяртаюцца да спецыялістаў права па бытавых пытаннях. Разам з тым адвакатаў засмучае, што па дапамогу рэдка звяртаюцца дробныя прадпрымальнікі, якія працуюць з дакументамі на свой страх і рызыку, пакуль не становіцца позна.

Ірына СІДАРОК, «Звязда», 21 чэрвеня 2017 г.