/ / Общественно-политические
18.08.2017

Цi магчыма аднавіць сапсаваны тэкст? Эксперты паспрабавалі аднавіць надпіс наўмысна сапсаваны карэспандэнтам

Калі аблюбаваны трук рэжысёраў дэтэктыўных серыялаў – лёгенька пацерці алоўкам па запісе, каб убачыць адбітак літар, – не спрацаваў, трэба ісці па дапамогу да экспертаў. Яны могуць аднавіць тэксты, якія пасля ўздзеяння на іх вады, сонца ці агню стала немагчыма прачытаць. Ім не раз удавалася праліць святло на лёс салдат, што лічыліся прапаўшымі без вестак з часоў вайны. На гэты раз эксперты паспрабавалі аднавіць надпіс «Рэспубліка» наўмысна сапсаваны карэспандэнтам «Р».

Экспертыза

Залітыя чарнілам дакументы часцяком паступаюць на экспертызу

– Аднаўляць даводзіцца залітыя, закрэсленыя і замазаныя запісы, пашкоджаныя выпадкова ці наўмысна. Методыка чытання пашкоджаных запісаў залежыць і ад складу паперы альбо чарніла, і ад характару падчысткі, і ад хімічнага рэчыва, якім псавалі запіс, – уводзіць у курс справы начальнік аддзела экспертыз дакументаў і грашовых знакаў ДКСЭ Арцём Макарэвіч.

Калі тэкст напісаны фарбавальнікам, які змяшчае вуглярод, напрыклад простым графітным алоўкам, чорнай тушшу альбо друкарскай фарбай, а заліты чарнілам, то яго можна аднавіць у інфрачырвоных выпрамяненнях. Менавіта гэты прыём з дапамогай спецыяльнага прыбора дэманструе на сапсаваным пашпарце 1948 года вядучы дзяржаўны судовы эксперт Андрэй Кучын. І ў лічаныя хвіліны на маніторы высвечваецца зыходны тэкст.

Экспертыза

Прыходзіцца аднаўляць і змест спаленых дакументаў

Аднойчы эксперты з Гродна такім чынам аднавілі салдацкую запіску часоў Першай сусветнай вайны. Яе знайшлі на мяжы Смаргонскага і Маладзечанскага раёнаў. Пасланне знаходзілася ў гільзе, аднак запісы абясколерыліся. Эксперты-крыміналісты іх аднавілі. На трох кавалках паперы захаваліся ваенныя запіскі. Па словах экспертаў, аб узросце знаходкі кажа стыль напісання – лексікон і літары адпавядаюць старарускай мове дарэформеннага ўзору.

Цікаўлюся, чым зрабіць запіс, каб ён захаваўся як мага больш часу?

– Простым алоўкам, – сышліся ў меркаваннях абодва эксперты. – Ён складаецца з вугляроду, таму ўстойлівы да вонкавых фактараў. Мінус алоўка – яго можна сцерці.

А вось папулярнае сёння ламініраванне дакументаў, ці пакрыццё іх плёнкай, – справа рызыкоўная. Гарачае ламініраванне сапраўды дапамагае падоўжыць жыццё дакументам. Ім нават пакрываюць старонку з данымі ў сучасных пашпартах. А вось халоднае ламініраванне моцна ўздзейнічае на фарбавальнікі чарніла, і праз некалькі тыдняў яно пачынае «плыць». Яшчэ праз месяц пад плёнкай будзе суцэльная чарнільная пляма.

Дакументы лепш не складваць – у месцах згібаў яны праціраюцца і рвуцца. Здарылася такое – ні ў якім разе нельга іх падклейваць, асабліва скотчам ці сілікатным клеем. Гэтыя сродкі знішчаюць усё напісанае.

Экспертыза

Эксперт кладзе паперу ў прыбор, каб прачытаць тое, што я так старанна заштрыхавала

– Методыка аднаўлення запісаў, якія абясколерыліся, заснаваная на адрозненнях ва ўласцівасцях рэчываў у складзе чарніла, – патлумачыў Андрэй Кучын. – Нават калі рэчывы, якія адказваюць за колер, страцілі пігмент, бескаляровая аснова можа захавацца. Яна ўбіраецца ў паперу і люмінесцыруе ва ўльтрафіялетавым святле ці інфрачырвоным выпрамяненні.

Раней экспертам даводзілася ўручную падбіраць патрэбны святлафільтр з набору аптычнага шкла. Зараз працу экспертам істотна палягчае спецыяльны прыбор. Ён дазваляе даследаваць запіс у розных крыніцах асвятлення з дапамогай дадатковых фільтраў.

Сёння асноўны масіў працы эксперта – не рукапісныя, а друкаваныя тэксты. Часцяком прыносяць на экспертызу чэкі, калі трэба вярнуць тавар, а даныя ў чэку абясколерыліся.

– Касавыя чэкі друкуюць на тэрмапаперы. Пад уплывам тэмпературы ў касавым апараце на ёй выяўляюцца літары. З часам гэтыя літары могуць і знікнуць. Напрыклад, калі вы памылі чэк разам з джынсамі, выпадкова папрасавалі яго гарачым прасам ці паклалі каля пліты. Такі чэк ужо не аднавіць, – дзеліцца вопытам Арцём Макарэвіч.

З чым толькі ні працавалі эксперты: дароўныя, завяшчанні, пашпарты, ваенныя лісты і нават старонкі старых газет. Часам зламыснікі наўмысна састарваюць падроблены дакумент, напрыклад бабуліна завяшчанне, каб выдаць яго за арыгінал.

Экспертыза

Раней эксперты ўручную падбіралі патрэбны святлафільтр з такога набору аптычнага шкла

– З натарыяльнай канторы да нас паступіла на экспертызу завяшчанне, – успамінае выпадак з практыкі Андрэй Кучын. – На першы погляд, яно здавалася старым і пашарпаным. На справе высветлілася, што ашуканцы ў фоташопе набралі тэкст шрыфтам, аналагічным шрыфту старых друкаваных машынак, і раздрукавалі яго на старым пажоўклым аркушы паперы з дапамогай сучаснага прынтара.

Прыходзіцца аднаўляць і змест спаленых дакументаў. Тут вынік залежыць ад стану паперы. Пры гарэнні яна змяняе колер ад цёмна-карычневага да чорнага. Пры тэмпературы вышэй за 200 градусаў абвугленая папера шарэе і ператвараецца ў попел. Толькі ўстойлівыя да дзеяння высокіх тэмператур рэчывы – друкарская фарба, туш і графіт – выглядаюць больш кантраснымі ў адносінах да асновы. Гэта дазваляе ў шэрагу выпадкаў устанавіць змест нават спаленых дакументаў.

Нярэдка даводзіцца аднаўляць словы ў дакументах, якія заштрыхавалі ці закрэслілі. Нават калі запіс заштрыхавалі блізкім па колеры рэчывам, эксперты могуць яго прачытаць. Мы правялі эксперымент і на аркушы паперы А4 напісалі сіняй шарыкавай ручкай назву нашай газеты, затым старанна заштрыхавалі яе другой шарыкавай ручкай таксама сіняга колеру. На першы погляд, нічога не разбярэш. Але Арцём Макарэвіч кладзе паперу ў спецыяльны прыбор, затым узмацняе слабакантрасныя дэталі слова адносна фону, выяўляе закрытыя штрыхоўкай фрагменты запісу… І ўсяго праз некалькі хвілін называе слова: «Рэспубліка»!

– Хоць колер чарніла і падобны ў аўтаручках, склад у іх зусім розны, – напрыканцы растлумачыў эксперт. – Чарніла адной ручкі люмінесцыруе белым святлом у прыборы, а другой – не. Па гэтым прынцыпе працуем з распіскамі, у якіх ашуканцы дапісваюць, напрыклад, яшчэ адзін нулік у суме пазыкі.

Іна ГАРБАЦЕНКА, «Рэспубліка», 18 жніўня 2017 г.
(фота – «Рэспубліка»)