/ / Общественно-политические и в области права
30.06.2015

Зберагчы і не нашкодзіць <em>(Сяргей Расолька, «Звязда» ад 30 чэрвеня 2015 г.)</em>

Як рыбаловы і паляўнічыя падпарадкоўваюцца новым правілам?

Роўна год дзейнічаюць новыя правілы палявання і рыбалоўства. Наколькі аказаліся эфектыўнымі новаўвядзенні і ці патрабуюцца нейкія карэктывы, зыходзячы з практыкі іх прымянення? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў падчас арганізаванай БЕЛТА анлайн-канферэнцыі старшыня рэспубліканскага савета Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Юрый ШУМСКІ. Прапануем чытачам найбольш цікавыя моманты з размовы.

Новаўвядзенні праходзяць «прыцірку»

Асноўнымі зменамі ў новых Правілах вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання з’яўляюцца ўзмацненне адказнасці за незаконнае паляванне, змяненне тэрмінаў палявання, а таксама абавязковасць навучання перад здачай паляўнічага экзамену. Так, штрафы за незаконнае паляванне павялічаны ў ў сярэднім у тры разы.

У сувязі з новым азначэннем тэрміна «паляванне», калі ў паляўнічых угоддзях без дазвольных дакументаў знаходзіцца са зброяй нельга, стала лягчэй прыцягнуць браканьераў да адказнасці. Напрыклад, ужо нельга на паляванні на птушыную і пушную дзічыну мець пры сабе патроны з кулямі або карцеччу, а таксама да палявання прыраўноўваецца знаходжанне ў паляўнічых угоддзях з прыладамі палявання (за некаторымі выключэннямі). Акрамя таго, зменамі ў Адміністрацыйны і Крымінальны кодэксы ўведзена адказнасць за перамяшчэнне (транспартаванне) або разбор паляўнічых жывёл без неабходных дакументаў.

Цяпер новыя правілы праходзяць «прыцірку» на практыцы, выяўлены шэраг шурпатасцяў, якія сумеснымі намаганнямі зацікаўленых службаў па меры неабходнасці выпраўляюцца.

Замацаванне — не «прыгоннае права»

У пачатку гэтага года была агучана прапанова замацоўваць паляўнічых за пэўнымі паляўнічымі гаспадаркамі. На якой стадыі гэтае пытанне сёння? Што зменіцца ў выпадку прыняцця станоўчага рашэння? І ці азначае гэта, што, будучы замацаваным за адной паляўнічай гаспадаркай, паляўнічы не зможа паляваць на тэрыторыі іншых? Адказваючы на гэтыя пытанні, Юрый Шумскі сказаў: «Замацаванне паляўнічых за паляўнічымі ўгоддзямі прадугледжана Канцэпцыяй развіцця паляўнічай гаспадаркі ў Беларусі, зацверджанай у кастрычніку 2014 года. Варта адзначыць, што гэтая навіна — насамрэч добра забытае старое: у савецкія часы такая практыка ў нас была паўсюдна. Зараз аналагічнае замацаванне існуе ў шэрагу дзяржаў з развітай паляўнічай гаспадаркай — у Польшчы, Літве, Эстоніі.

Сёння ў некаторых паляўнічых гаспадарках Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў праводзіцца эксперымент па замацаванні большай часткі паляўнічых угоддзяў за пярвічнымі паляўнічымі калектывамі, па выніках якога будуць прымацца далейшыя рашэнні.

Вынікам замацавання павінна стаць зніжэнне кошту палявання для шэраговага паляўнічага, павышэнне колькасці паляўнічых жывёл, задавальненне патрэбы насельніцтва ў паляванні. Напрыклад, вясной гэтага года сумеснымі намаганнямі паляўнічых і штатных работнікаў ва ўсіх арганізацыйных структурах Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў было створана і ўсталявана каля 6 тысяч штучных гнёздаў для вадаплаўных птушак.

Разам з тым пераход да замацавання паляўнічых угоддзяў за пярвічнымі калектывамі не азначае, што паляўнічы не можа, напрыклад, на платнай аснове знаходзіцца на ўліку і паляваць у іншых калектывах».

Замест дзіка — лось, воўк, глушэц

Наколькі скарацілася сёлета колькасць замежных паляўнічых у сувязі са значным скарачэннем папуляцыі дзіка ў Беларусі, і як змяніўся ўзровень даходаў паляўнічых гаспадарак? Якія альтэрнатывы сёння ёсць для больш актыўнага прыцягнення замежнікаў у нашу краіну?

«Мерапрыемствы па зніжэнні колькасці дзікоў, якія праводзяцца карыстальнікамі паляўнічых угоддзяў па ўсёй краіне, прывялі да значнага зніжэння іх колькасці. Вядома, гэта паўплывала на прывабнасць паляўнічых тураў для замежных паляўнічых. І хоць колькасць праведзеных у 2014-м тураў у параўнанні з 2013 годам па нашым аб’яднанні нават трохі ўзрасла, колькасць прынятых замежных паляўнічых скарацілася прыкладна на 6 працэнтаў.

Аднак нашы гаспадаркі своечасова адрэагавалі на сітуацыю і сталі больш актыўна прапаноўваць іншыя віды палявання — на лася і аленя падчас гону, на самца казулі, на пралётных гусей і г.д. Гэта дазволіла летась захаваць даходы ад такіх паляванняў прыкладна на ўзроўні папярэдняга года. Замежнікі з задавальненнем едуць да нас на такія спецыфічныя віды палявання, як паляванне на лася, ваўка, глушца і цецерука на таку, а таксама на веснавое паляванне на птушак.

Зараз Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў актыўна займаецца рассяленнем высакароднага аленя, фактычная колькасць якога па тэрыторыі краіны складае ўсяго 15 працэнтаў ад аптымальнай. Так, у мінулым годзе былі створаны дзве папуляцыі аленя — у Смалявіцкім і Мінскім раёнах, а сёлета мы плануем стварыць каля 15 новых папуляцый гэтага віду».

Пра карцеч, лукі і арбалеты

Новыя правілы прымаліся, у тым ліку, з мэтай скарачэння колькасці няшчасных выпадкаў на паляванні за кошт павышэння патрабаванняў да бяспекі і да кваліфікацыі саміх паляўнічых. Як гэтыя нормы працуюць?

«У новай рэдакцыі правіл змешчана норма, якая забараняе нават насіць патроны з буйной карцеччу пры правядзенні палявання на ненармаваныя віды паляўнічых жывёл, якія арганізуюцца ў асноўным самімі паляўнічымі, без кіраўніка палявання. Прымяненне гэтай нормы заклікана знізіць колькасць няшчасных выпадкаў на паляванні ў выніку рыкашэту карцечы.

Апроч таго, унутраным нарматыўным дакументам па сістэме Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў забаронена выкарыстоўваць карцеч нават пры правядзенні палявання з кіраўніком палявання для зніжэння верагоднасці ўзнікнення як няшчасных выпадкаў, так і падранкаў».

З чэрвеня мінулага года дазволена паляванне з лукамі і арбалетамі. Дзе можна навучыцца навыкам карыстання такой паляўнічай зброяй? Гаворачы на гэтую тэму, Юрый Шумскі зазначыў: «Праўда, сёння ўзнікаюць праблемы з прывозам такога віду паляўнічай зброі ў нашы крамы, у сувязі з чым спецыялізаваных месцаў па навучанні паляванню з лукам у нас пакуль няма. Тым не менш я перакананы, што гэты від палявання абавязкова знойдзе сваіх прыхільнікаў».

Зарыбленне: тонамі на мільярды

У краіне даўно абмяркоўваецца пытанне аб увядзенні фіш-карт (платнай рыбалкі). Ці варта чакаць у бліжэйшы час нейкіх зрухаў?

«Новая рэдакцыя Правіл вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства ўжо ўвяла своеасаблівую фіш-карту. Для заняткаў інтэнсіўнымі спосабамі лоўлі, такімі як падводнае паляванне, лоўля рыбы на дарожку з суднаў з рухавікамі, лоўля рыбы з ужываннем прылад аматарскага рыбалоўства з агульнай колькасцю кручкоў ад 6 да 10 штук на рыбалова, неабходна мець членскі білет Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Сродкі, атрыманыя ад уступных і штогадовых узносаў рыбаловаў-аматараў, у першую чаргу накіроўваюцца на ўзнаўленне рыбных рэсурсаў у фондзе запасу рыбалоўных угоддзяў і на развіццё спартыўнага рыбалоўства.

Так, восенню мінулага года Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў правяло зарыбленне шэрагу найбольш сацыяльна значных вадаёмаў краіны — Зэльвенскага, Чыгірынскага, Дняпроўска-Брагінскага вадасховішчаў, азёр Ворань, Сосны-Должа і іншых. Усяго ў гэтыя вадаёмы «заселена» больш за 45 тон розных відаў рыб (звыш 300 тысяч экзэмпляраў), на гэтыя мэты накіравана звыш 1,2 мільярда рублёў. Увесну гэтага года мы правялі зарыбленне лічынкамі шчупака і сома Пятровіцкага і Салігорскага вадасховішчаў, куды было выпушчана больш за 2,2 мільёна лічынак на суму 190 мільёнаў. Гэтую працу мы працягнем восенню і ў наступныя гады».

Сяргей Расолька, «Звязда» ад 30 чэрвеня 2015 г.
(Фота Анатоля Клешчука)