/ / Общественно-политические
28.11.2014

«Замарожаныя» жыллёва-будаўнічыя кааператывы расфарміруюць» <em>(Сяргей Куркач, «Звязда» ад 28 лістапада 2014 г.)</em>

А членам такіх ЖБСК прапануюць будавацца на ўмовах дзяржаўнага заказу

Учора аб праблемных пытаннях у будаўнічай і транспартнай сферах на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве дэпутатам дакладваў Намеснік Прэм’ер-міністра Анатоль Калінін.

Праблемных дамоў налета не будзе

Практычна, сапраўды праблемных дамоў у Беларусі сёння няма, лічыць Віцэ-прэм’ер, засталася невялікая колькасць аб’ектаў са звышнарматыўным тэрмінам будаўніцтва. Летась гэта праблема была масавай. Сёння ж падобных дамоў засталіся адзінкі. Апошнія дзевяць такіх дамоў плануецца здаць у эксплуатацыю ўжо праз месяц.

Апошнія станоўчыя змены ў будаўнічай галіне паспрыялі зніжэнню колькасці крытычных зваротаў грамадзян па гэтай тэматыцы ў Адміністрацыю Прэзідэнта і Саўмін па выніках дзевяці месяцаў ажно на 25 %.

Стаўка на дзяржзаказ

Цяпер чаргавікам, якія маюць права на атрыманне льготнага крэдыту, прапануюць будавацца па сістэме дзяржзаказу. Кошт квадратнага жылля па гэтай схеме адпавядае сярэднямесячнаму заробку, скарэктаванаму каэфіцыентам 1,2. Анатоль Калінін адзначыў, што гэтая ўмова сёлета цалкам вытрымліваецца. Так, у кастрычніку падобны каэфіцыент па кошце «квадрата» склаў 1,15. Асобна дакладчык спыніўся на тэме жыллёва-будаўнічых кааператываў. Усе ЖБСК, якія пачалі будаўніцтва ў 2014 годзе, але не завяршылі яго, уключаны ў праграму на будучы год. Гэтыя дамы будуць абавязкова пабудаваны. Што тычыцца ЖБСК, якія нават не пачалі будаўніцтва, то прынята рашэнне аб іх расфарміраванні з прадастаўленнем права членам таварыстваў будавацца на ўмовах дзяржаўнага заказу. Паводле слоў Прэм’ер-міністра, выдаткі такіх кааператываў будуць кампенсавацца.

Нагадаем, што па ўжо зацверджанай праграме ўрада ў Беларусі ў 2015 годзе будзе пабудавана 5 мільёнаў квадратных метраў жылля. З іх крыху больш за 1 мільён – па дзяржзаказе. Прычым будаваць плануюць у абласцях па 150–300 тысяч квадратных метраў жылля. А вось у Мінску па дзяржаўнай схеме – усяго 14,7 тысячы квадратных метраў, у Мінскай вобласці – 16 тысяч «квадратаў». Тады як толькі ў Мінскай вобласці больш за шэсць дзясяткаў ЖБСК чакалі пачатку будаўніцтва менавіта налета.

Выкананне дзяржаўнай жыллёвай палітыкі дазволіць захаваць пераважнае права на атрыманне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жылля ў першую чаргу для шматдзетных сем’яў і вайскоўцаў. Прадугледжана зніжэнне перыяду забеспячэння жыллём да трох гадоў шматдзетным сем’ям, а грамадзянам, якія маюць права на атрыманне сацыяльнага жылля, – да 5 гадоў (у Мінску – да 7 гадоў).

Горадабудаўнічая палітыка

У Беларусі запланавана ажыццяўляць канцэпцыю збалансаванага развіцця рэгіёнаў, паведаміў дэпутатам Намеснік Прэм’ер-міністра. Гэтая канцэпцыя прадугледжвае і аптымізацыю колькасці насельніцтва ў сталіцы краіны. Акрамя таго, за межы горада ў іншыя населеныя пункты неабходна вывесці шэраг прамысловых прадпрыемстваў.

Дзеля гэтага плануецца далейшае развіццё гарадоў-спадарожнікаў Мінска і абласных цэнтраў. Ужо вызначана, што жыллё ў такіх гарадах будзе будавацца паводле прынцыпу стварэння шматфункцыянальных раёнаў з фарміраваннем жылога фонду пераважна ў выглядзе дамоў малой і сярэдняй павярховасці. Адначасова там плануецца ствараць сучасныя і інавацыйныя вытворчыя комплексы.

Ад камунальнікаў патрабуюцца якасныя паслугі

Рэформы ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі накіраваны на павышэнне адказнасці як пастаўшчыкоў, так і спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг. «Мы бачым, што многія пытанні ўтрыманства прысутнічаюць у нашым грамадстве. Уносім прапановы для вырашэння і гэтай задачы», – канстатаваў Анатоль Калінін. Намеснік Прэм’ер-міністра адзначыў, што пераўтварэнні закрануць структуру жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў цэлым. У прыватнасці, будзе аптымізавана колькасць кіраўніцкага персаналу, а стаўку зробяць на выканаўцаў паслуг. Плануецца павысіць матывацыю работнікаў, увязаўшы яе з якасцю аказаных паслуг. Мяркуецца, што рэалізацыя рэформаў дазволіць адысці ад крытыкі з боку насельніцтва. Пры гэтым, як адзначыў Анатоль Калінін, ужо ўдалося дасягнуць пэўнага прагрэсу – колькасць зваротаў грамадзян у сферы ЖКГ зменшылася з пачатку года амаль на 10 %.

Анатоль Калінін нагадаў і пра іншыя інфраструктурныя праекты, якія цяпер трапілі на стадыю рэалізацыі. Адзін з іх – рэканструкцыя Нацыянальнага аэрапорта. У 2015 годзе там пачнецца будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы.

Сяргей Куркач, «Звязда» ад 28 лістапада 2014 г.